|
: Новая сiстэма аплаты праезду ў
пасажырскiм транспарце: электронная картка i нiякiх турнiкетаў? |
[2007-01-25 07:22:37] |
У канцы
мiнулага года «Звязда» паведамляла, што Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый лiчыць перспектыўным
выкарыстанне на пасажырскiм транспарце гарадскiх рэгулярных маршрутаў iнфармацыйнай сiстэмы, што
знайшло ўвасабленне ў Маскве.
Гаворка вялася пра сiстэму аплаты праезду ў гарадскiм
транспарце праз турнiкеты. Яны ўстанаўлiвалiся ў пярэднiх дзвярах транспартных сродкаў (аўтобусаў,
тралейбусаў, трамваяў) i праз iх пасажыры ўваходзiлi ў салон, а выходзiлi праз заднiя (або
сярэднiя) дзверы, якiя турнiкетаў не мелi.
Бартавое абсталяванне такой сiстэмы дазваляе
весцi дакладны пярвiчны збор iнфармацыi аб пасажырапатоку i, галоўнае, павялiчвае паўнату аплаты за
праезд у гарадскiм пасажырскiм транспарце. Але, акрамя гэтых плюсоў, у такой сiстэмы праезду былi i
свае мiнусы. Нават калi не браць у разлiк культуру паводзiнаў пасажыраў, iх уваход у салон
транспартнага сродку i аплата праезду з выкарыстаннем пластыкавай карткi знiжае эксплуатацыйную
хуткасць рухомага саставу ў гарадскiх перавозках прыкладна на 5 кiламетраў у гадзiну, што падаўжае
час паездкi i, адпаведна, можа стаць прычынай знiжэння прыцягальнасцi камунальнага пасажырскага
транспарту ў вачах пасажыраў увогуле. А днямi старшыня Саюза спажыўцоў Расiйскай Федэрацыi, дэпутат
Дзярждумы Пётр Шэлiшч увогуле выказаў меркаванне, што выкарыстанне турнiкетаў у маскоўскiх трамваях
небяспечнае для пасажыраў. Час пасадкi i высадкi пасажыраў павялiчыўся ў тры-чатыры разы, многiя
вадзiцелi аўтамабiляў пачынаюць рух, не дачакаўшыся, пакуль апошнiя не пакiнуць праезную частку.
Трэба адзначыць, што ў Маскве большасць трамвайных прыпынкаў не абсталявана астраўкамi бяспекi.
Пётр Шэлiшч са спасылкай на адказ «даiшнiкаў» расiйскай сталiцы агучыў колькасць ахвяраў за 11
месяцаў мiнулага года на трамвайных прыпынках: 34 чалавекi пад коламi аўтамабiляў атрымалi цяжкiя
траўмы. Паводле меркавання многiх, гэта цана рызыкi ад непрадуманага ўвядзення аўтаматызаванай
сiстэмы кантролю праезду ў гарадскiх трамваях. Саюз спажыўцоў лiчыць, што нельга працягваць
падвяргаць небяспецы здароўе i жыццi масквiчоў, яго старшыня звярнуўся да кiраўнiцтва
«Масгартранса» з прапановай адмовiцца ад выкарыстання аўтаматызаванай сiстэмы кантролю праезду ў
трамваях, пакуль усе трамвайныя прыпынкi не будуць забяспечваць бяспеку пасажыраў пры пасадцы i
высадцы.
А што ж у нас? Цi будуць беларусы ў перспектыве карыстацца новай сiстэмай аплаты
праезду? I калi так, як будуць улiчвацца ўсе тыя складанасцi, якiя нароўнi са станоўчым эфектам ад
укаранення суправаджаюць аўтаматызаваную сiстэму кантролю праезду?
У Мiнiстэрстве
транспарту i камунiкацый заклiкаюць ставiцца да гэтага пытання стрымана. «Зараз прапрацоўваецца
магчымасць укаранення пiлотнага праекта па выкарыстанню такой iнфармацыйнай сiстэмы ў адным з
невялiкiх гарадоў краiны. Што гэта будзе за горад, якая дакладна сiстэма плануецца да ўкаранення,
калi пачнуцца работы, гаварыць пакуль рана. Адзiнае — гэта дакладна будуць не турнiкеты».
Як мы паведамлялi раней, у сусветнай практыцы сапраўды выкарыстоўваецца шэраг аналагiчных
сiстэм, якiя працуюць без турнiкетаў на ўваходных дзвярах транспартнага сродку. Аплата праезду
адбываецца з выкарыстаннем электронных картак або сацыяльных картак (электронныя грошы).
—
Картка падносiцца да спецыяльнага прыстасавання, якое счытвае кошт праезду. Дарэчы, такiя сiстэмы з
выкарыстаннем электронных грошай працуюць i ў Маскве (напрыклад, «Зорка»). У кiёску на картку можна
будзе пакласцi пэўную суму грошай, якой потым карыстацца для аплаты праезду. Пенсiянеры змогуць
выкарыстоўваць спецыяльную «сацыяльную картку», — паведамiлi нам у мiнiстэрстве.
Для таго
каб увасобiць у жыццё нават пiлотны праект, трэба прыкласцi шэраг намаганняў: правесцi яго
эканамiчнае абгрунтаванне, вызначыцца з крынiцай фiнансавання, правесцi, пры неабходнасцi, тэндар i
г.д. Бо абсталяванне толькi аднаго транспартнага сродку iнфармацыйнай сiстэмай (або турнiкетамi,
або счытваючым прыстасаваннем аплаты праезду) будзе каштаваць сама меней 7 тысяч долараў. |
|
|