Меню
· На главную
· Коротко о Минске
· Историческая хронология
· Online-карта Минска
· Минск на сленге
· Топонимика Минска
· Переименования
· Стихотворения о Минске
· Генеральный план Минска
· Каталог ссылок
· Связь с нами
· О проекте
· Реклама на сайте

Полезное
Нет данных

Смотрите также

· Доска объявлений · Телефонный справочник Минска

Интересное в сети
Нет данных

Погода в Минске


 : Ствараецца музэй Манюшкі    [2007-02-26 13:44:21]
Днямі такое рашэньне прынялі ўрады Літвы й Польшчы. Супрацу па стварэньні музэю Станіслава Манюшкі вядуць Міністэрства культуры Польшчы й самаўрад Вільні. Музэйны цэнтар у гонар нашага славутага кампазытара мае паўстаць у адным з найпрыгажэйшых куткоў старое Вільні, побач з касьцёлам Сьвятое Кацярыны, пры цьвінатры якога месьціцца стары сквэр імя Манюшкі. Гэты сквэр яшчэ з пазамінулага стагодзьдзя ўпрыгожвае помнік кампазытару, створаны скульптарам Балзункевічам. Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель (цяпер Чэрвеньшчына) у шляхецкай сям’і. Шматкроць гасьц ваў у родавым кубле Манюшкаў, у Сьмілавіцкім палацы. У Менск ён пераехаў разам з бацькамі, якія прыбылі сюды, каб наглядаць за вучобай сына. У Менску сям’я Манюшкаў жыла з 1831 да 1837 г. — пэўны час на рагу вуліц Валоцкай і Дамініканскай (Інтэрнацыянальнай і Энгельса), у доме Клімкевіча, а потым на Высокім рынку, у доме Паляковай. Дом Манюшкаў у Менску, яшчэ болей, чым у Убелі, быў напоўнены атмасферай культурнага жыцьця. Маці сьпявала і іграла на фартэпіяна, ладзіла ў сваім доме музычныя вечарыны, запрашаючы музыкантаў і артыстаў, якія гасьцілі ў Менску. Частым госцем у Манюшкаў бываў у тыя часы музыкант і літаратар Пётр Карафа‑Корбут, а таксама кіраўнік мясцовага аркестра і настаўнік музыкі Дамінік Стэфановіч. А зь Вільняю Манюшку лучылі 18 гадоў жыцьця. Тут ён перадусім працаваў арганістам у старажытным касьцёле Сьвятога Яна пры ўнівэрсітэце. Гэты касьцёл у свой час выбудаваны быў паводле праекту слыннага дойліда зь Менску, Яна Франкевіча. А арган у ім, на якім музыцыраваў Станіслаў Манюшка, быў прывезены сюды з… Полацку, з сабору Сьвятога Стафана, што расейцы перарабілі пасьля 1831 году на царкву. Такім чынам, старасьвецкі полацкі арган набыў другое жыцьцё, у якое ўклаў сваю душу Манюшка. Тут упершыню прагучала славутая Літанія Вастрабрамская, што лічыцца адным з найлепшых твораў кампазытара й дасёньня выконваецца ў нашых касьцёлах. Апалёнія Сакалоўская, прэзідэнт Цэнтру Культуры Польскай у Літве імя Манюшкі, кажа: «Гэта такая выбітная постаць, якая ўславілася ня толькі ў Вільні, але таксама ў Эўропе, у Нямеччыне, дзе вучыўся кампазытар, у Парыжы, а нават у Пецярбургу. Музэй Станіслава Манюшкі будзе інтэгральнай часткаю культураў літоўскай, польскай ды беларускай, бо экспазыцыйнымі сродкамі будзе ўвасабляць і перадаваць досьвед партыятызму, пачуцьця супольнасьці й павагі, не зважаючы на адрозьненьні. Гэта будзе вялікі асяродка культуры.». Ініцятыву горача падтрымаў мэр Вільні, Артурас Зуокіс. Такім чынам, дзякуючы намаганьням літоўскіх і польскіх урадоўцаў музэйны цэнтар стане насамрэч паважным цэнтрам культуры. Як сьцвяржаюць самі арганізатары праекту, паводле сваёй мэты, новая інстытуцыя мусіць кшталціць дзяцей і моладзь, а таксама будзе мець ітэграцыйную праграму, што мае лучыць тры нацыі – беларускую, польскую й літоўску. Тут будуць праводзіць міжнародныя музычныя конкурсы, канфэрэнцыі, спатканьні, сымпозіюмы. «Гэта будзе аазіс пабудовы паразуменьня паміж рэпрэзэнтантамі розных культураў. Думка, што праводзім, адна: «Шмат культураў – адна айчына!»—кажа спадарыня Сакалоўская. Бо менавіта пад клапатлівым крылом Дамініка Стэфановіча Манюшка атрымоўваў музычную адукацыю ад дванаццаці да шаснаццаці гадоў жыцьця, менавіта Стэфановіч падрыхтаваў яго да засваеньня кампазітарскага майстэрства ў Рунгенхагена ў Берлінскай кансэрваторыі. Наладжаныя ў юнацкія гады пражываньня ў Менску кантакты і знаёмствы аказаліся вельмі трывалымі і працяглымі. Пасля заканчэньня вучобы ў Бэрліне, жывучы ў Вільні, Манюшка яшчэ некалькі разоў прыязджаў ў Менск, дзе ў яго было шмат знаёмых і сяброў. Сяброўства лучыла яго з беларускім пісьменьнікам Вінцэнтам Дуніным‑Марцінкевічам. У 1841 г. у Менску была пастаўленая аперэта «Рэкруцкі набор» на музыку Манюшкі й словы Дуніна‑Марцінкевіча. У час знаходжаньня ў Менску ў 1843 г. Манюшка па заказу мясцовага тэатра піша музыку да драмы «Каспар Хаўзер» Анісье, Буржуа і д’Эпьеры. У Менску ён быў тым годам яшчэ раз, калі тут трупа Шмідкопфа ўпершыню паставіла аперэту Манюшкі «Латарэя». Дунін‑Марцінкевіч з’яўляецца таксама аўтарам лібрэта такіх твораў Манюшкі, як опера «Чарадзейная вада», аперэта «Спаборніцтва музыкаў». А 155 гадоў таму й выбітны твор эўрапейскае музычнае культуры — 2‑актавая опера «Сялянка» («Ідылія»), упершыню пастаўленая ў гарадзкім тэатры Менску ў 1852 г., а ў 1853–1855 гг. у Бабруйску, Віцебску, Нясвіжы. З гэтай падзеі пачынае свой адлік гісторыя беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Пазьней Манюшка штогод прыязджаў у Менск. Апошні раз ён наведаў Менск у 1864 г., калі ўжо быў вядомым і вельмі шанаваным кампазітарам. Некалі шыкоўная рэзідэнцыя Манюшкаў у Сьмілавічах цяпер у руінах. Даўно няма касьцёлу ў былым Ігумене, дзе хрыцьцілі Станіслава Манюшку, а пра былы Ўбельскі фальварак нагадвае нам толькі літаграфія Напалеона Орды… У 1986 годзе ў Менску дайшла чарга і да гістарычнага будынку гарадзкога тэатру. Тады ўпершыню беларуская моладзь з транспарантам «Руйнуюць помнік беларускай культуры» выйшла абараняць тэатр. Але марна. Будынак зруйнавалі, а моладзь зьбілі. А летась на падмурках будынку, дзе пачалася гісторыя нацыянальнага тэатру, збудавалі гатэль. На жаль, і ягоны бацькоўскі дом на рагу Інтэрнацыянальнай і Энгельса быў колькі гадоў таму зьнішчаны «рэстаўратарамі», падчас прыстасаваньня яго пад кафэ‑бар. На ацалелай вонкавай сьцяне, праўда, прымацавалі мэмарыяльную табліцу ў гонар славутага земляка. Але… летам яе ўпарта застаўляюць парасонамі таго кафэ‑бару. Ні пра які музэй Станіслава Манюшкі ў Беларусі няма й гаворкі. Сяргей Харэўскі Наша Ніва

Поиск по сайту



Опрос
Для Вас Минск - это...

Город, где я родился
Город, куда меня занесла судьба
Я не из Минска, меня просто сюда занесло. :)



Результаты

Ответов 1609




                                                                                                                                                                          © 2004-2010. Твоя столица - Минск.