Меню
· На главную
· Коротко о Минске
· Историческая хронология
· Online-карта Минска
· Минск на сленге
· Топонимика Минска
· Переименования
· Стихотворения о Минске
· Генеральный план Минска
· Каталог ссылок
· Связь с нами
· О проекте
· Реклама на сайте

Полезное
Нет данных

Смотрите также

· Доска объявлений · Телефонный справочник Минска

Интересное в сети
Нет данных

Погода в Минске


 : У двухмільённым Мінску ўсяго два хостэлы    [2011-08-11 23:10:26]
Ва ўсім свеце недарагім жыллём прынята лічыць хостэлы. Першы такі дом з'явіўся ў Германіі ў пачатку мінулага стагоддзя, калі малады настаўнік Рычард Шырман, збянтэжаны тым, што ягоныя вучні, якія выраслі ў вялікім прамысловым раёне, не бываюць на свежым паветры, пачаў ездзіць з імі на тыдзень за горад. Паколькі дзеці рабочых не былі багатымі, падчас гэтых шпацыраў ім было складана знайсці месца для начлегу. Такім чынам, ім даводзілася начаваць у школах, якія былі вольныя ў выхадныя дні і падчас вакацыяў. Тыднёвыя паездкі за горад станавіліся усё больш папулярнымі, і Шырман зразумеў, што трэба арганізоўваць сталыя месцы для начлегу. Імі і сталі хостэлы.

Гэта гісторыя нагадвае сучасную Беларусь. Бо калі да нас прыязджаюць вучні ці студэнты па абмене, іх часта размяшчаюць у такіх самых школах ці турбазах з мінімальным камфортам. Усё таму, што гасцініцы занадта дарагія. А хостэлаў усё адно амаль няма.

Хостэл – тэрыторыя свабоднага пражывання

Ва ўсім Мінску можна адшукаць толькі два хостэлы. Першы – "Постоялец" – з’явіўся месяц таму на Партызанскім праспекце. Дырэктар Дзмітрый Наркевіч кажа, што загрузка складае 30-40%. "Мы звязваем гэта з тым, што Мінск на дадзены момант горад больш для камандзіровак, чым для турызму, а паколькі ў ліпені-жніўні людзі сыходзяць у адпачынак, наплыў у горад зменьшыўся". Асноўныя кліенты хостэла з Беларусі, Расіі і Украіны. "Гасцям у нас падабаецца. Даступныя цэны на жыллё – $17, бясплатныя гарачыя напоі, хуткасны інтэрнэт. Хоць некаторыя беларусы ўсё яшчэ здзіўляюцца, што гэта такое – хостэл?" – кажа суразмоўца. Па ягоных словах, ніякіх праблемаў з афармленнем бізнэса не было. "Наадварот, усе віталі гэтую ініцыятыву. Ды й мы пачалі гэтым займацца, паколькі аналагаў у Беларусі фактычна няма".

Адзіным канкурэнтам "Постояльца" можа стаць хостэл па вул. Мазырскай, адкрыццё якога запланавана праз некалькі тыдняў. Трохпавярховы дом з лазняй, більярдам, кікерам, пінг-понгам і ўтульным дворыкам для барбекю пабудавалі ўсяго некалькі маладых хлопцаў і дзяўчат, якія не пабаяліся распачаць новы для Беларусі бізнэс. Пражыванне за адну ноч тут будзе каштаваць каля $5. Дакладныя кошты будуць вядомыя бліжэй да адкрыцця, але ўладальнікі ўпэўненыя, што з кліентамі праблем не будзе. "Мы фактычна адзіныя, хто прапаноўвае ў Мінску такое жытло. І гатовыя прыняць не толькі турыстаў, але і студэнтаў, якім не дадуць інтэрнат ад універсітэта. $100 у месяц – і ложак ваш", – кажа заснавальнік Уладзімір.

Ад гасцініцы хостэл адрозніваецца менавіта тым, што вымяраецца не пакоямі, а ложкамі. Так, у адным пакоі могуць жыць ад 2 да 10 чалавек, прычым кухня, прыбіральня і ванны пакой – агульныя. У кожнага хостэла свае правілы. Дзесьці кліентам забараняюць паліць, у іншым месцы – нельга вяртацца ў дом пазней за 12 гадзін ночы. Але агулам гэта досыць свабоднае месца для пражывання, разлічанае на тых, хто гатовы апынуцца ў нумары з пяццю незнаёмымі людзьмі з розных канцоў света і не турбуецца наконт лішняга шума. Для большасці хостэлы – гэта магчымасць танна вандраваць па свеце, але некаторыя забяспечаныя турысты адмыслова абіраюць менавіта такі дом для пражывання, каб пазнаёміцца з новымі людзьмі і весела правесці свой час.

Кватэры на суткі і гадзіны

У Мінску прыжыўся іншы варыянт размяшчэння турыстаў – кватэры на суткі і гадзіны. Тэматычнымі абвесткамі перапоўненыя газеты і сайты ў інтэрнэце. Кошт на такое размяшчэнне ў сярэднім $50 за суткі. Цана ўзрастае ў залежнасці ад раёна пражывання – цэнтр будзе каштаваць ад $60 за аднапакаёўку, такі ж варыянт у спальным раёне удвая танней. Натуральна, што на кошт уплывае колькасць пакояў, а таксама ўнутраны стан кватэры – рамонт, тэхніка, інтэр’ер.

Кватэры запатрабаваныя яшчэ і таму, што размясціцца ў гасіцніцы даражэй, хоць сэрвіс пакідае жадаць лепшага. На адным з турыстычных парталаў турыст з Расіі Сяргей піша, што трэці год запар прыязджае ў Мінск у адну і тую ж кватэру. "У гасцініцы жыць спрабаваў, але дорага, мала месца, персанал увесь час нейкі замучаны... Ізноў-такі, сяброў прыводзіць нельга – толькі на абмежаваны час. За гэтыя ж грошы можна камфортна жыць у асобнай кватэры".

Правальны праект?

У Беларусі распрацаваны законапраект, які датычыцца развіцця прыдарожнага сэрвіса. У ім можна знайсці інфармацыю і пра недарагое жытло для турыстаў на перспектыву. Чыноўнікі абяцаюць, што ў хуткім часе пад будаўніцтва хостэлаў і кэмпінгаў арганізуюць льготныя ўмовы па выдзяленні зямлі. Але пакуль гэта выглядае правальна – дырэктар дэпартамента па турызму Вадзім Кармазін у адным з інтэрв’ю менавіта так ахарактэрызаваў сітуацыю. "У нас усяго чатыры кэмпінгі, а хостэлаў няма наогул, у той час як у Германіі, напрыклад, 2 тысячы хостэлаў і яны вельмі запатрабаваныя. Асабліва ў моладзі, бо гэта эканомны адпачынак", – адзначаў чыноўнік.

Чаму хостэлаў няма? Для прадпрымальных гаспадароў кватэраў і катэджаў здаваць жытло на суткі значна прасцей, чым перарабляць яго ў хостэл. Мінімізуюцца выдаткі на дагляд, не трэба наймаць персанал, і ў большасці сваёй гэты бізнэс застаецца нелегальным. Для камандзіраваных у Мінск работнікаў больш звыкла прыехаць у гасцініцу савецкага тыпу, дзе сэрвіс храмае, але ўсё да болю знаёма – і адключаная на прафілактыку гарачая вада, і непрацуючы імбрык, які стаіць у пыльным вугле. Беларусы, як вядома, вельмі неахвотна ідуць на перамены. А таму, каб наступным разам яны абралі сучасны хостэл замест гасцініцы з водарам Савецкага Саюза, трэба зацікавіць іх: рэкламай, коштамі і добрым словам.

Да чэмпіяната свету па хакеі ў 2014 годзе ўлады Мінска абяцаюць пабудаваць шмат хостэлаў. Мяркуецца, што пад іх пераабсталююць студэнцкія інтэрнаты. І пакуль улады распрацоўваюць канцэпцыі, у рэгіёнах ужо з’яўляюцца такія імправізаваныя хостэлы. У невялікім горадзе Маларыта, дзе ёсць муніцыпальная гасцініца, турыстаў запрашаюць яшчэ і ў студэнцкі інтэрнат будаўнічага ліцэя. Умовы пражывання – па 3-4 асобы ў пакоі, дзе прыбіральня і ванны пакой – у блоку. Кошт – усяго $3 за ноч. "У нас мяжа з Украінай блізка, таму людзі часта прыязджаюць, асабліва летам", – кажа камендант.

Поиск по сайту



Опрос
Для Вас Минск - это...

Город, где я родился
Город, куда меня занесла судьба
Я не из Минска, меня просто сюда занесло. :)



Результаты

Ответов 1608




                                                                                                                                                                          © 2004-2010. Твоя столица - Минск.