|
: Менск – у кампаніі дарагіх гарадоў сьвету? |
[2007-06-20 15:03:26] |
Масква другі год запар аказалася лідэрам дасьледаваньня “Самы дарагі горад сьвету” ў разьдзеле
“Агляд кошту жыцьця”. Сьледам ідуць Лёндан, Сэул, Токіё і Ганконг. Колькі каштуе жыцьцё ў Менску ў
параўнаньні зь іншымі сталіцамі?
Дзяніс Корбат нарадзіўся на Віцебшчыне, вучыўся ў Менску,
цяпер працуе ў Маскве. Але па прыезьдзе ў Менск шмат у чым розьніцу ў коштах паміж Масквой і
Менскам называе “сымбалічнай” ці “неістотнай”:
“Калі наведваесься ў які-небудзь менскі
“кабак”, то кошт меншы, чым у Маскве. Але калі проста жывеш у Маскве, не як турыст, а як звычайны
жыхар, то розьніца не такая адчувальная. Таму што ў прадуктаў прыкладна той жа самы кошт. Хіба
толькі транспарт даражэйшы за менскі, і бытавыя паслугі ў Маскве гэтаксама даражэй, таму па
вяртаньні ў Менск хаджу ў цырульню. Даражэй у Маскве, канечне, зьняць кватэру (купіць – увогуле
недасягальная мэта)”.
Карэспандэнт: “На ўскрайку Масквы колькі каштуе кватэру зьняць?”
“Прыкладна 800 даляраў, гэта звычайная аднапакаёвая кватэра. Адно выратоўвае, што сярэднія
заробкі ў Маскве вышэйшыя, чым у Менску, але гэта розьніца прыкладна ў два разы”.
Менск:
кошты на жыльлё набліжаюцца да “элітных”
Асноўным паказьнікам дарагавізны ці таннасьці
месца пражываньня – арэнда элітнай кватэры. Для Масквы, Лёндана і Токіо гэтая сума неістотна
вагаецца ў межах 2000 фунтаў за месяц, для Ганконгу – 3300 фунтаў. Адзін з аўтсайдэраў
“хіт-параду”, пакістанскі Карачы, прапануе апартамэнты за 210 фунтаў. Што да Менску, то, як лічаць
экспэрты рынку нерухомасьці, само паняцьце “элітнасьці” тут яшчэ не сфармавалася, але ў “элітны
дывізіён” Беларусь старанна імкнецца. Гаворыць кіраўніца аднаго з кватэрных агенцтваў Вольга Шуляк:
В.Шуляк: “У бліжэйшым ад цэнтра “навабудзе” на вуліцы Багдановіча пустая аднапакаёвая кватэра
здаецца за 900 эўра”.
“Ну, як увогуле вылічыць, ці элітнае жыльлё? Прыкладам, нават у Лошыцы
з эўрарамонтам аднапакаёвая кватэра на сёньняшні дзень – 500 даляраў за месяц. Што тычыцца цэнтру,
то тут можа быць і за 1200, і за 1500 – гледзячы якая. І гэта пры тым, што ў цэнтры новых пабудоваў
фактычна няма. У бліжэйшым ад цэнтра “навабудзе” на вуліцы Багдановіча, ведаю, пустая аднапакаёвая
кватэра здаецца за 900 эўра. А недалёка ад вакзалу, на Кірава, кватэра здаецца за тысячу эўра. І
кошты не ўпадуць, бо жыльля ўсё роўна на ўсіх не хапае”.
У Менску – гандлёвыя цэнтры, у
Маскве – клясычныя кірмашы
У Беларусі ўсё даражэй ня толькі кватэравацца ды харчавацца, але
і апранацца. Пераарыентацыя з дэмакратычных рынкаў на нібыта элітныя гандлёвыя цэнтры зь вялізнымі
выдаткамі на арэнду выводзіць амаль любую вопратку на ўзровень “haut couture”. А вось тая ж Масква
– Мека для гандляроў. Як зазначае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка,
дробныя чаўнакі з усяго былога СССР атаварваюцца адзеньнем, буйной і дробнай бытавой, кампутарнай
тэхнікай, сродкамі сувязі на маскоўскіх кірмашах і потым яшчэ ўмудраюцца мець прыбытак ад
перапродажу тавару дома:
“Ды там зусім іншая сытуацыя, адрозна ад нашай. І гэта сур’ёзна,
бо ў іх нават у паміне няма тых патрабаваньняў, якія выстаўляюць да нас у Беларусі. Расейцы
працавалі, працуюць і будуць працаваць, а мы, беларусы, і надалей будзем туды грошы адвозіць і, як
заўсёды, пакідаць. Замест таго, каб нейкім чынам тут, унутры краіны, іх укладаць нармалёва, не
закопваць у гэтыя гандлёвыя цэнтры кшталту “Паркінга”, “Сталіцы” ды астатняга. Але гэта асобная
размова”.
Менск: “месца зь неадэкватнай дарагавізнай за сярэдні сэрвіс і якасьць
прапановы”?
Мянчук Зьміцер Лягчылаў зарабляе на жыцьцё экстрэмальным спортам. Ён –
удзельнік шоў скакуноў у ваду, ад канца 1990-х жыве ў Ганконгу, азіяцкім мэгаполісе з самай дарагой
нерухомасьцю. Прыяжджаючы да бацькоў пра Менск гаворыць як пра месца з неадэкватнай дарагавізнай за
сярэдні сэрвіс і якасьць прапановы. Прынамсі, калі ў Ганконгу ўдаецца заашчадзіць, то на радзіме
грошы невядома куды “разьлятаюцца”:
З.Лягчылаў: “Тут у нас грошы кудысьці “ляцяць”. Нічым не
павольней, чым у Ганконгу. Практычна з аднолькавай хуткасьцю, што і там”.
“Ганконг нашмат
галоваў цікавей за ўсё астатняе. Там проста як іншая цывілізацыя, нават ня ведаю, як гэта словамі
перадаць. Усё, што перадавое, усё, што новае ў сьвеце зьяўляецца, напачатку яно зьяўляецца там.
Сабе, дарэчы, я там магу дазволіць практычна ўсё, і яшчэ застаецца; паціху адкладаць удаецца. І
можна бязьбедна цягнуць такое жыцьцё. А вось тут, у нас, грошы, між іншым, кудысьці “ляцяць”. Нічым
не павольней, чым у Ганконгу. Практычна аднолькава, з аднолькавай хуткасьцю, што і там. Сур’ёзна
кажу”.
За ўзор дарагавізны ці даступнасьці мэгаполісу бярэцца кошт кубка кавы. Для Масквы
гэта 3,1 фунта, для Лёндана і Сэула – па 2. У Беларусі гэты паказьнік, зноў жа, умоўны, паколькі
нават у рэстарацыях наведнікаў імкнуцца пачаставаць распушчальнай кавай. А вось замежныя гатункі
піва перавышаюць многія нормы і вагаюцца на ўзроўні 5-7 даляраў за паўлітра.
Радыё Свабода |
|
|