Меню
· На главную
· Коротко о Минске
· Историческая хронология
· Online-карта Минска
· Минск на сленге
· Топонимика Минска
· Переименования
· Стихотворения о Минске
· Генеральный план Минска
· Каталог ссылок
· Связь с нами
· О проекте
· Реклама на сайте

Полезное
Нет данных

Смотрите также

· Доска объявлений · Телефонный справочник Минска

Интересное в сети
Нет данных

Погода в Минске


 : Палюбіць беларусаў    [2008-05-03 03:05:17]
У беларускай сьвядомасьці вельмі цікава пракручваюцца рэлігійныя вобразы. Хрыстос прызямляецца ў Гародні і на Беларусі Бог жыве ня толькі ў Караткевіча — гэта гучыць часам і ў жывых гаворках. У адным фальклорным запісе жанчына гаворыць такую фразу: «Сус Хрыстос родзіўся на гэтай зямлі». І ўдакладняе: «У Беларусі, ну эта…». Яшчэ крыху і сказала б, дзе канкрэтна. Проста выскачыла з галавы.

Ці гэтыя бясконцыя камяні-сьледавікі, раскіданыя па ўсёй краіне. Да аднаго такога сьледавіка мяне адпраўляў чалавек, які сядзеў на даху свайго дому і дакладна тлумачыў, як туды прайсьці: «За закінутай хатай з бусьлянкаю будзе сьцежка паўз старую студню на балота, там камень са сьледам нагі Маткі Боскай. Левай нагі, 43-га памеру».

Беларускія камяні-сьледавікі зьвязаныя легендамі найчасьцей альбо з Хрыстом, альбо з Багародзіцай, якія ходзяць па нашай зямлі. Такіх гісторыяў вельмі многа. Ці то з-за адчуваньня нейкае глыбіннае, дадзенае, само сабой зразумелае сакральнасьці гэтае зямлі, адвечнае «тутэйшасьці», зь яе адзіна рэальным — боскім — «тут і цяпер». Ці то з-за асаблівае патрэбы ў боскай прысутнасьці, бо ўнутраныя праўда пра тутэйшую сакральнасьць ды повязь з вышэйшай рэчаіснасьцю зазвычай не знаходзіць свайго адбітку ў вонкавым жыцьці — асабліва супольным.

Гэткая разарванасьць унутранага й зьнешняга адбіваецца і ў пашыраным тыпе беларускае пабожнасьці: маўляў, я ў Бога веру, але ў царкву не хаджу. Сам сабе малюся тут, на гэтай строме, паміж зямлёй і небам. Пры гэтым пабожнасьць можа быць вельмі шчыраю. Такі падыход характэрны для беларускай канцэпцыі сьвету і бачаньня сябе ў ім. Ўсё ўва мне, усё празь мяне. Як вучыла мяне адна вясковая кабета: «Я ё і Бог, я ё і чорт». А як толькі справа тычыцца супольнасьці, супрацы — адразу ўзьнікаюць праблемы. Гэта адваротны бок «тутэйшасьці».

Ніводным з нашых палітычных, сацыяльных ды дзяржаўных утварэньняў апошняй пары стагодзьдзяў мы не задаволеныя, ні ў водным зь іх мы не былі шчасьлівымі. Чаму? Беларус самадастатковы? З майго досьведу іншых краінаў ды народаў беларусы вылучаюцца яшчэ й асаблівай неталерантнасьцю, непрыманьнем іншасьці. Міт пра нашую талерантнасьць, які мы самі й прыдумалі, прыкрывае ў нашых уласных вачох адно нашую сацыяльную апатычнасьць. Сьвядомасьць самадастаковасьці ды «прыватнае» веры абарочваецца непатрэбнасьцю супрацоўнічаць адно з адным, і, як вынік, нашымі няўдалымі сацыяльнымі пабудовамі ды фактычнай адсутнасьцю грамадзянскае супольнасьці.

У нас па-ранейшаму дзьве Беларусі: Беларусь афіцыёзу й Беларусь «беларускасьці» — тая, што захоўвае гістарычную памяць ды мову як найвялікшыя каштоўнасьці і як натуральны modus vivendi. У першай жа ажыцьцяўляецца ўнікальны праект па стварэньні belarusless Беларусі — «безьбеларускае» Беларусі. Гэткая сабе квазі-краіна, квазі-нацыя. Ані Беларусь, ані Не-Беларусь. Дзе патрыятызм не выклікае болю ад зьнішчэньня — тут, на вачох! — парэшткаў гістарычных помнікаў ці сучасных беларускамоўных асяродкаў. Нацыя, якую нішто не аб’ядноўвае, апроч грамадзянства. Людзі, якім ня рупіць ведаць хто яны, што яны, і адкуль яны, бо яны «тут і цяпер». І калі на мэтафізычным узроўні досьвед пражываньня сябе «тут і цяпер» ёсьць надзвычай каштоўным, то на сацыяльным узроўні гэта выварочваецца абыякавасьцю ды безкаранёвасьцю — «нідзе й ніколі».

І гэта будзе цягнуцца, пакуль мы не пачнем выбіраць іншую мадэль адносінаў з сабой, з іншымі, зь зямлёю, з сусьветам. Нашая рэчаіснасьць — плён нашых супольных выбараў, у тым ліку й выбару не працаваць супольна. Залатое правіла жыцьця: зьмяніся сам — і сьвет навокал зьменіцца аўтаматычна.

З кожнага пункту «тут і цяпер» ёсьць безьліч кірункаў — на ўсе 360°. І кожны мае ў сабе магчымасьць выбару. Мы абіраем адзін з гэтых 360-ці штоймгненна, абіраючы свой лёс, саміх сабе, краіну, сусьвет. І калі мы лічымся з выбарамі іншых, калі яны нам не абыякавыя, мы можам ствараць супольную рэчаіснасьць.

Боскасьць па вялікім рахунку — гэта любоў. Пытаньне беларускіх адносінаў з Богам упіраецца ў пытаньне любові: знайсьці нашыя дачыненьні з боскасьцю — гэта знайсьці нашыя дачыненьні зь любоўю.

Нашая вялікая, лёсаўтваральная любоў да гэтай зямлі вельмі часта аніяк не зьвязана з нашым пачуцьцём да беларусаў. Беларусь — наша любоў, наш сьпеў, нашая залатая мроя, наш лёс, наш сьветлы сон, і г.д. Але мы ня любім беларусаў.

Зараз набліжаецца другі Вялікдзень. Ва ўсходняй традыцыі на велікоднай ютрані чытаецца казаньне Яна Залатавуснага, які гаворыць: прыходзьце ўсё, першыя і апошнія, хто пасьціў і хто не пасьціў, працавітыя і лянівыя — месца ўсім хопіць! Велікодную ідэю аб’яднаньня ўсіх у адной вялікай радасьці, у адным памкненьні, можна накласьці на беларускую сытуацыю. Аб’яднаньне беларусаў на духоўнай ды сацыяльнай глебе… Беларусі. Любіць Беларусь у сабе і ў іншых. Любіць усіх, каму дарагая Беларусь, такімі, якімі яны ёсьць, незалежна ад поглядаў, перакананьняў, гістарычных ведаў ці абранага правапісу.

З простае ідэі палюбіць беларусаў так, як мы любім Беларусь, аўтаматычна вынікне ўзаемапавага, а зь яе — супольная канцэпцыя краіны й дзяржавы. З гэтае плыні ніхто не выплыве сам, і мы ўсе — у адным чоўне. І вельмі добра было б разам веславаць ва ўнісон.

Ірына Дубянецкая, naviny.by

Поиск по сайту



Опрос
Для Вас Минск - это...

Город, где я родился
Город, куда меня занесла судьба
Я не из Минска, меня просто сюда занесло. :)



Результаты

Ответов 1606




                                                                                                                                                                          © 2004-2010. Твоя столица - Минск.