Меню
· На главную
· Коротко о Минске
· Историческая хронология
· Online-карта Минска
· Минск на сленге
· Топонимика Минска
· Переименования
· Стихотворения о Минске
· Генеральный план Минска
· Каталог ссылок
· Связь с нами
· О проекте
· Реклама на сайте

Полезное
Нет данных

Смотрите также

· Доска объявлений · Телефонный справочник Минска

Интересное в сети
Нет данных

Погода в Минске


 : Студэнтка з Італіі: Кожная размова па-беларуску была прыгодай    [2008-05-16 17:23:52]
Недзе гадоў 500 таму ў італьянскім горадзе Падуя наш зямляк Францыск Скарына вучыўся ў мясцовым унівэрсытэце. І цалкам верагодна, што яго сябры‑таварышы раз‑пораз прасілі: «Спадар Францішак, а навучы нас трохі па‑вашаму, па‑ліцьвінску гутарыць!». І я мяркую, што Скарына ня мог адмовіць сваім італьянскім сябрам у некалькіх уроках старабеларускай мовы. Вось ужо пяць стагодзьдзяў мінула, дзясяткі пакаленьняў сышлі ў нябыт, а такі зьяўляюцца на італьянскай зямлі людзі, у якіх беларуская мова выклікае цікавасьць.

…Прагортваў я некалькі дзён таму стужку навінаў у Інтэрнэце ды выпадкова знайшоў цікавую аб’яўку. Калі каротка пераказаць зьмест, то дзяўчына з Італіі зьвярталася да беларускіх карыстальнікаў Інтэрнэту па дапамогу ў напісаньні магістарскай працы пра… беларускую мову! «Ого! Тут роднай мовай не кожны беларус цікавіцца. А вось на табе: італьянцы пішуць па‑беларуску! — падумаў я і зьвязаўся з гэтай італьянкай, якая ня толькі ведае беларускую мову, але і дасьледуе яе».

Дзяўчыну завуць Лідзія. Лідзія Фэдэрыка Мацытэлі. Нарадзілася яна ў 1984 годзе ў Рыме, дый і сёньня там жыве. Пяць гадоў таму яна паступіла ў рымскі ўнівэрсытэт «Sapіenza» на спэцыяльнасьць «Замежныя мовы». Там упершыню і даведалася, што існуе беларуская мова. Але хай Лідзія пра гэта распавядзе сама:


— Я выбрала нямецкую, рускую і славенскую мовы, потым вывучала таксама харвацкую і польскую. Цяпер вучуся на спэцыяльнасьці «Славянскае мовазнаўства» і хачу паступіць у магістратуру. На лекцыях рускай мовы я ўпершыню пачула пра беларускую мову — наш прафэсар сказаў нам, што катэдры беларускай мовы ў нас няма. Тады я вырашыла, што калі‑небудзь вывучу гэтую цікавую мову, якой самі яе носьбіты ня хочуць карыстацца. Спачатку часу і магчымасьцяў не было, я нават ня ведала нікога, хто б мог размаўляць па‑беларуску ў Рыме. А ўлетку 2006 года я паехала ў Пецярбург і пазнаёмілася зь беларускім хлопцам, праўда, рускамоўным, але ён мяне сяму‑таму навучыў. Мы пасябравалі, потым я пазнаёмілася зь іншымі беларусамі і тады ўжо стала сур’ёзна цікавіцца беларускай мовай і культурай. У лютым 2007 года ў Варшаве мне студэнтка беларускай філялёгіі падарыла фільм на беларускай мове. Я глядзела яго разоў 100 (ажно вывучыла на памяць) і так пакрысе спасьцігала беларускую мову.



— Лідзія, а колькі моў ты ведаеш? Як вучыла нашу мову?


— Я ведаю больш‑менш 10 моў — якую лепш, якую горш. Беларуская мне далася не асабліва цяжка, бо я ўжо ведала рускую і польскую мовы. Але ж павінна сказаць, што ў беларускай мове ёсьць свой асабісты «пэрсаналітэт»: нельга проста гаварыць, што гэта сумесь рускай і польскай, як мне даводзілася чуць. Яна іншая, яна мае свае характэрныя рысы. Спачатку вашу мову вучыла празь фільмы, песьні і мэйлы сяброў, якіх папрасіла пісаць мне па‑беларуску нават тады, калі мовы яшчэ добра ня ведала. У італьянскім продажы ніякіх беларускіх кніжак няма, але ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы знайшла падручнік і кнігі: Купалы, Коласа.. Але мала. Вельмі дапамагае Інтэрнэт. Там падручнікі, слоўнікі, кнігі он‑лайн. Але найперш праз Інтэрнэт магчыма размаўляць зь беларускамоўнымі людзьмі.



— А ты адна вывучаеш у сваім унівэрсытэце беларускую мову, ці яшчэ хто?


— На жаль, я зьяўляюся зараз адной студэнткай беларускай мовы, дый нават не беларускай мовы, а славянскага мовазнаўства. Катэдры беларускай мовы ў нас пакуль няма. А вось катэдра славістыкі даволі вялікая.



— Ці была ты калі‑небудзь у Беларусі? Якія ўражаньні засталіся?


— Так, першы раз я была ў 2006 годзе ў Менску, але толькі адзін дзень. Потым вярнулася ў лютым 2008 года і жыла тут 17 дзён, каб сабраць матэрыял для магістарскай працы. Была ў Менску, Берасьці і Мікашэвічах, жыла ў сваіх беларускіх сяброў. Так што, можна сказаць, бачыла краіну «знутры». Мне ў Беларусі вельмі спадабалася. Перш за ўсё тое, што я магла проста падысьці да любога чалавека і загаварыць па‑беларуску. Кожная размова па‑беларуску была прыгодай. Для мяне і для маіх суразмоўцаў.



— Лідзія, а што твае суайчыньнікі ведаюць пра Беларусь?


— Вельмі мала: шмат хто думае, што гэта частка Расеі, альбо што «дзесьці на Ўсходзе»… Аднак пра беларускіх прыгажунь і ў нас часам чуецца, вашыя жынчыны лічацца вельмі прыгожымі, дарэчы, як рускія і ўкраінскія. Цікава, што ў італьянскай мове «прыгожая» — гэта «bella». Таму Белая Русь гучыць амаль што як «Прыгожая Русь».



— А як ставяцца твае бацькі і сябры да таго, што ты вывучаеш славянскія мовы?


— Ну… Кажуць, што магла б выбраць больш «нармальныя» мовы. Але ў цэлым добра, бо бачаць, што я задаволеная, і ім гэтага дастаткова.



— А як ты мяркуеш, чаму ж беларусы не размаўляюць на беларускай мове? Застанецца наша мова ці зьнікне зусім?


— Ну, ці зьнікне беларуская мова зусім, гэтага я ня ведаю. Спадзяюся, што не. Але яна ў небясьпецы. Да гэтых часоў былі вёскі, дзе і захоўвалася мова, але цяпер, калі маладыя людзі ўсё імігруюць у горад… Ня ведаю, сытуацыя цяжкая. Але не безнадзейная.

Чаму не размаўляюць? Цяпер мне здаецца, што ў саміх беларусаў няма волі да раскрыцьця сваіх каранёў. Яны жывуць так, па‑тутэйшаму. А гэтае «па‑тутэйшаму» з кожным днём усё больш і больш падобна на «па‑руску»…


Ну і напрыканцы Лідзія расказала некалькі гісторый, што адбыліся зь ёй, калі яна гасьцявала ў нашай краіне. Ну вось, напрыклад. Чакала Лідзія ў Берасьці аўтобуса. І пакуль чакала, разгаварылася зь мясцовай бабулькай. Бабулі, відаць, сумна было стаяць на прыпынку, яна і ўзрадавалася выпадковай суразмоўцы, ды ня простай, а з Італіі. І пачала даводзіць, што «правильно, надо по‑белорусски разговаривать». Ды толькі тут у гутарку ўмяшалася другая бабуля: «А когда надо по‑белорусски, то чего же ты по‑русски говоришь?» Так слова за слова — і бабулькі пачалі лаяцца. Ды толькі ўмяшалася Лідзія: папрасіла бабулечак на пустым месцы не сварыцца, бо ўсе мовы на сьвеце прыгожыя. З гэтай думкай усе і пагадзіліся, а сваркі не адбылося. Потым, праз тры дні, Лідзія на тым жа самым прыпынку зноў сустрэла тую ж самую бабульку. Зноў пачалі гутарыць пра жыцьцё‑быцьцё. А тут на табе — падыходзіць яшчэ нейкая бабуля (во народ у нас які цікаўны!) ды давай сумнявацца ў італьянскім паходжаньні нашай гераіні: маўляў, падманвае, не з Італіі яна… Аднак першая бабуля на сумненьні не паддалася і ўстала на абарону Лідзіі. А зараз вось Лідзія перажывае, што не дадумалася тады паказаць свой італьянскі пашпарт, і спадзяецца, што бабулька‑такі ня лічыць яе ашуканкай…

…А ўлетку Лідзія Фэдэрыка Мацытэлі зноў зьбіраецца прыехаць у Беларусь. Праўда, ненадоўга. Каб пабачыцца са сваімі сябрамі і пагаварыць па‑беларуску. З намі, зь беларусамі. Мы ж яшчэ не забыліся мовы сваёй. Праўда?..

Наша Ніва паводле «Звязды»

Поиск по сайту



Опрос
Для Вас Минск - это...

Город, где я родился
Город, куда меня занесла судьба
Я не из Минска, меня просто сюда занесло. :)



Результаты

Ответов 1609




                                                                                                                                                                          © 2004-2010. Твоя столица - Минск.