Меню
· На главную
· Коротко о Минске
· Историческая хронология
· Online-карта Минска
· Минск на сленге
· Топонимика Минска
· Переименования
· Стихотворения о Минске
· Генеральный план Минска
· Каталог ссылок
· Связь с нами
· О проекте
· Реклама на сайте

Полезное
Нет данных

Смотрите также

· Доска объявлений · Телефонный справочник Минска

Интересное в сети
Нет данных

Погода в Минске


 : Эксперт: Значэнне Грунвальдзкай бітвы ў школьнай праграме пераацэньваецца    [2008-07-16 15:57:03]
Сёньня - угодкі бітвы 1410 году. З гэтай нагоды з дыскусійным тэкстам выступіў Генадзь Сагановіч. Значэньне Грунвальдзкай бітвы ў падручніках па гісторыі Беларусі перабольшанае, піша ён.

Бітва пад Грунвальдам, рамантызаваная пісьменьнікамі і паэтамі, стала адным з цэнтральных сюжэтаў гістарычнай сьвядомасьці беларусаў, адной з тых нямногіх падзей, якімі са школкі вучаць ганарыцца. Мне ж як гісторыку ясна, што якую б фрустрацыю гэта ні выклікала, нам даўно пара адыходзіць ад прапагандысцкіх штампаў і павучыцца ставіцца да Грунвальду больш цьвяроза.

Каб пачаць пераацэнку Грунвальду, дастаткова зьвярнуць увагу на тое, якое сьціплае месца атрымала гэтая бітва ў беларуска‑літоўскім летапісаньні. У самых даўніх зводах нашых летапісаў пра яе можна знайсьці літаральна некалькі радочкаў, або й ніякай згадкі, і толькі "Хроніка Быхаўца" зьмясьціла больш‑менш разгорнутае апісаньне генэральнай сечы з арміяй Ордэну. Але, што істотна, аўтар хронікі ня зьвязваў з разгромам Ордэну нічога лёсавызначальнага для сваёй дзяржавы ці тым больш для славянства, а проста ўсхваляў ваяцкасьць сваіх суайчыньнікаў: маўляў, прускае войска разбілі, "гарады і землі пабралі", а рэшту — "выпалілі і выпленілі", пасьля чаго "зь вялікім гонарам… на ўвесь сьвет славу здабыўшы… да сваіх земляў даехалі".

Спачатку ў нашай гістарыяграфіі славутая перамога ацэньвалася таксама досыць стрымана. І ў нашаніўскіх публікацыях, і ў першых сынтэзах айчыннай гісторыі (Ластоўскага, Ігнатоўскага, Доўнара‑Запольскага) ёй адводзілася сьціплае месца і не прыпісвалася ніякай лёсаноснасьці. Але пасьля другой сусьветнай вайны прэзэнтацыя Грунвальду і яго ацэнкі радыкальна зьмяніліся, і спрычыніліся да гэтага, зразумела, зусім не навуковыя фактары. Савецкія гісторыкі пісалі, што ад немцаў зыходзіла "адвечная сьмяротная небясьпека" для славян, і толькі перамога пад Грунвальдам спыніла іх векавую агрэсію, пра гераізм "рускіх палкоў" у гэтай сечы, і г. д. Акурат такі міт Грунвальдзкай бітвы добра знаёмы нам па падручніках, энцыкляпэдычных даведніках і папулярнай літаратуры савецкай эпохі. Але парадокс у тым, што ў Беларусі і пасьля распаду Савецкага Саюзу, калі гісторыкі ўрэшце разьняволіліся, тэндэнцыя гіпэрбалізацыі Грунвальду ня толькі не аслабла, а наадварот, стала ўмацоўвацца.

Сапраўды, у сучаснай навучальнай літаратуры Грунвальдзкая бітва заняла нябачанае раней месца, а ў яе апісаньні нязьменна сьцьвярджаецца так знаёмы па савецкіх часах набор тэзаў: ідэя сьмяротнай пагрозы з боку Ордэну ды абарончага характару вайны 1409—1411 гадоў, тэза пра эпахальнае значэньне бітвы, яе выратавальнасьць для славян і падобнае. Ня толькі ў падручніках, але і ў навуковых публікацыях у нас можна прачытаць пра пляны Ордэну стварыць "вялікую нямецкую дзяржаву" зь земляў Польшчы, Літвы і Беларусі, пра пастаянную пагрозу "духоўнага і фізычнага вынішчэньня" (або й "анямечваньня"!) літоўцаў і беларусаў, якая зыходзіла ад рыцарскай дзяржавы, ды іншыя неверагодныя байкі… Можна прачытаць нават пра "вялікую вайну" з Ордэнам як барацьбу "за выжываньне славянства"!

Цікава, што нічога падобнага не артыкулявала ані "Хроніка Быхаўца", ані які‑колечы іншы помнік айчыннага гісторыяпісаньня. Міт адвечна варожых і агрэсіўных немцаў, запачаткаваны Длугашам, быў нашмат пазьней інкастэляваны ў масавай сьвядомасьці панславізмам як антытэза міту нямецкіх нацыяналістаў пра "нямецкую культурную місію" на Ўсходзе, а затым гіпэртрафаваўся ў выніку сусьветных войнаў. Але палітычная міталягізацыя Грунвальду — асобная праблема, а нас цікавіць цьвярозы гістарычны погляд на знакамітую падзею, балазе яна больш за сто гадоў дасьледуецца гісторыкамі, вынікі працы якіх мы ня можам ігнараваць.

Пачнём з плянаў Ордэну і характару вайны 1409—1411 г.

Па‑першае, Ордэн і ў свае найлепшыя часы ня меў ніякіх плянаў стварэньня "вялікай дзяржавы" (тым болей зь земляў Беларусі), бо гэта пярэчыла б яго мэтам, ды было б і не пад сілу. Пасьля Крэўскае уніі ордэнская дзяржава незваротна слабела і схілялася да саюзу зь Вялікім Княствам Літоўскім.

Па‑другое, "Вялікая вайна", падобна да іншых войнам тых часоў, яшчэ ня мела этнічнага характару і не павінна выдавацца за славяна‑нямецкае супрацьстаяньне. Не гаворачы пра склад арміі саюзьнікаў, трэба ўлічваць, што траціна жыхароў ва ўладаньнях Ордэну (як і яго арміі) была славянскай.

Па‑трэцяе, той быццам "выратавальнай" для славян вайны магло б і ня быць, калі б да яе сьвядома не вялі справу Ягайла зь Вітаўтам. Вялікі магістар Конрад Юнгінген бачыў будучыню сваёй дзяржавы ў саюзе з Польшчай і ВКЛ (з ужо ахрышчанай Літвой), і нямала дзеля гэтага рабіў. Што праўда, ягоны наступнік Ульрых Юнгінген вызначаўся задзірыстасьцю, аднак і зь ім магчыма было залагодзіць справакаваны Вітаўтам канфлікт. Няўступлівасьць жа вялікага князя і польскага караля вынікала зь іх перакананасьці ў слабасьці Ордэну. Сапраўды, перад вайною адна Польшча ў некалькі разоў пераўзыходзіла ордэнскую дзяржаву па сваім дэмаграфічным патэнцыяле, а разам саюзьнікам проста не было чаго баяцца.

Цяпер колькі "некарысных" заўваг пра саму бітву і значэньне перамогі. Не забывайма, што колькасна армія Ордэну сама мала ўдвая саступала злучаным сілам Ягайлы і Вітаўта, так што зыход палявой бітвы быў практычна перадвырашаны. Што нямецкія рыцары складалі значна менш за палову харугваў вялікага магістра, а добрую траціну — палякі і прусы. І што перамога ў той славутай бітве, аплачаная вялікай крывёю, чыста па‑рыцарску выглядала б лепш, калі б яна была здабытая не пры такой дыспрапорцыі сілаў, і не ў глыбіні Прусіі, і калі б Вітаўт не павёў у хрысьціянскую Эўропу татараў, і калі б пераможцы не займаліся брутальным рабункам, і да т. п., і г. д.

Але перамога ёсьць перамога, і, не гадаючы, зірнем на яе рэальныя вынікі. Вось жа, падпісваючы ў 1411 годзе мір з Ордэнам, пераможцы задаволіліся кантрыбуцыяй і вяртаньнем Жамойці, ды й то адно на час жыцьця Ягайлы й Вітаўта! А палякі й ня згадалі пра Гданьскае Памор’е, якое так і засталося за Ордэнам да сярэдзіны XV ст. Так што, па вялікім рахунку, нікога бітва не ратавала і нічыіх лёсаў не вызначала! Нават лёсу пакананага Ордэну: хоць разгром грунтоўна падарваў сілы і паскорыў яго канец, гістарычна ордэнская дзяржава была асуджаная задоўга да Грунвальду, і ня менш значным яе прысудам можна лічыць заключаную яшчэ ў 1385 г. Крэўскую унію.

Зразумела, гістарычныя міты — рэч натуральная, і нават карысная для разьвіцьця нацыі. Але ўсяму ёсьць разумная мяжа. І зьмена мітычнага ўспрыманьня немцаў як "адвечных ворагаў", а Грунвальдзкай бітвы — як "выратаваньня" ад фізычнага зьнішчэньня ці асыміляцыі беларусаў, на спакойнае і рацыянальнае стаўленьне да адной зь вялікіх падзей нашай ваеннай гісторыі, была б і разумнай, і больш годнай памяці нашых далёкіх прашчураў, што склалі галовы ў той векапомнай сечы.

Наша Нива

Поиск по сайту



Опрос
Для Вас Минск - это...

Город, где я родился
Город, куда меня занесла судьба
Я не из Минска, меня просто сюда занесло. :)



Результаты

Ответов 1609




                                                                                                                                                                          © 2004-2010. Твоя столица - Минск.